Дабранач
Раіса Баравікова
Дабранач, мой звонкагалосы май,
чаромхі белай важкія букеты,
дабранач, малады вясновы гай –
таемны вартавы маёй планеты.
Дабранач, той гарэзьлівы хлапчук,
што будзе у вышынях зорных лётаць,
дабранач, стома спрацаваных рук
i Беларусі мройлівая лотаць.
Дабранач, векапомных дзён салдат
i зоры абеліскаў збранзавелых,
дабранач, першы высевак зярнят
i тапалёвы пух над полем белы.
Дабранач, мой каханы чалавек,
няхай цябе у снах тваіх люляе
цяпло мае, адданае павек,
і радасьць, што любоўю атуляе.
Крыклівае, дабранач, немаўля,
што зь цягам часу стане верным сынам,
дабранач, партызанская мая
лясная старана пад небам сінім.
Настрой верша:натхнёны
Ключавыя словы: