Вясёлка

Раіса Баравікова

Як вартаўнік, што дбае ўвішна
пра свой будзённы, сьціплы пост,
у садзе, над маёю вішняй,
дугой узьняўся цуда-мост.
Па небу разьлягаўся спора,
абманваў зьзяньнем мурагі,
нібы шукаў сабе апору,
нібы выгледжваў берагі.
Ён разрастаўся ў паднябесьсі
усё выразьней і ярчэй,
так набірае сілу песьня,
з уздыхам новым – гарачэй!
Яшчэ з акна была я рада
яго зьяўленьне прасачыць,
а ён ужо ля далягляду
гірляндай квеценнай зырчыць.
Ён на вачах яднае пырскі
у пералівістую ніць,
нібыта хоча кедр сібірскі
з маёю вішняй парадніць.
Зьвязаць аднолькавым настроем,
злучыць у пошуме адным
дзьве супрацьлегласьці ў прасторы
спрабуе мост перакідны.
Але, відаць, ня так і проста
дзьве супрацьлегласьці зьяднаць,
дадаўшы вішні тонкай росту, –
у кедра велічы адняць.
Бо праз імгненьне зь пералівам
ён бліскавіцай дагарэў...
А вішня ў сьне стаіць шчасьлівым
і чуе побач кедра сьпеў.

Настрой верша:летуценны
Ключавыя словы: