Асака
Данута Бічэль-Загнетава
Рвала вішні недаспелыя,
хваліла.
Салодкія, пунсовыя спяліла
маладому задаваку, што па ночы
і прысніць мяне не хоча.
Аднойчы вольны жораў занудзіўся
не па высях,
вінавата на парозе ён з'явіўся:
— Дай напіцца, прыгубіцца...
Ёсць крынічная вадзіца.
Паднясу яму кісліцы
з прыгаворам:
— Чым багаты, тым і рады.
Да аскомы пі, журботы памагаты.
Дзе ж смачнейшага піцення наспех возьмем?
Паскідала восень
з дрэў у садзе вобзем
вішні спелыя, аж чорныя бакі.
Іх аўсянкі падзяўблі ды шпакі.
Пі, мой згублены,
з’явіўся ты па часе:
я адна не раз гаркоты напілася.
Прыхінулася плячом да вушака.
Як валошка, дакранешся —
асака.
Плакуном асот калючы паглядзеў:
— Быццам мёду паспытаў.
Ды саладзей...