Восень на прызбу ступіла
Раіса Баравікова
#1
Пастукаў кастрычнік нячутна ў акно,
І восень на прызбу ступіла.
Лугі i лясы яна фарбай адной –
Агнём залатым апаліла.
На ўзгорку – дубы...
Іx далёка відаць!
Штось бабіна лета прарочыць.
На беразе рэчкі бярозы гараць...
А восень далей ужо крочыць!
#2
Лісьце думкамі дзявочымі зьлятае,
Лісьце словамі шапоча пад нагамі.
На азёрным люстры залатая
Восень разыходзіцца кругамі!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Страшна мне спакой зямлі парушыць,
Сёньня я ня плачу, не сумую,
Толькі б зь месца гэтага ня зрушыць,
Толькі б не пазбавіцца спакою.
Цішыня пануе ў маім сэрцы.
Восень клапатліваю рукою
Запрашае да сябе пагрэцца.
Лісьце прад вачыма кружыць, кружыць
Восень золата пад ногі сьцеле,
I да болю сэрца маё сушыць,
I цяпло ўлівае ў маё цела.
Ты мяне ня ведаеш такую –
Ціхую, спакойную на дзіва!
Сёньня ні аб чым я не шкадую,
Ўсё жыцьцё да восені хадзіла б!
#3
На дрэвы ўпала пазалота-чырвань,
Глядзіць сьляпое сонца з вышыні!
Зь якой журботай цягнуцца у вырай
Панурыя птушыныя кліны!
Гляджу, гляджу ў блакітнае бяздоньне,
Паветра сьлепіць звонкасьцю сваёй.
Мой голас промнем зіхатлівым тоне,
Вясёлкай восень зьзяе нада мной!