Апошняя сустрэча
Раіса Баравікова
Азвуцца хутка сьнегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме ня рады
у гэты вечар непрыветны.
У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.
Глядзіш адчужана, зласьліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках сьнежаньскіх імкліва
да нас расстаньне пад’язджае.
Адводжу позірк свой маўкліва
i час зацягваю упарта!
З табою не была шчасьлівай,
а безь цябе i жыць ня варта!
Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата...
I пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.
