Верас
Данута Бічэль-Загнетава
Маўклівае лона радзімы —
задумлівы верас.
Вымярзаў і гарэў,
але вырас і пахне...
Яшчэ раз
пакланіся яму,
пакляніся з маленства на вернасць.
Ён твае таямніцы не выдасць.
Куды ты слядочкі павернеш?
Падужэў у палях —
і зацесны матулін каптурык.
Пакіруеш свой шлях
да навукі —
разумны, культурны...
Мо паходзіш на ўласных нагах?
Мо абуеш катурны?
Толькі верасу пальцы
настрояць душы тваёй струны.
Настрой верша:натхнёны
Ключавыя словы: