Беларуская мова Ш.
Андрэй Адамовіч
Калі я думаю пра беларускую мову,
у галаву найчасцей прыходзяць узгадкі пра снарады і міны,
што ляжаць у нашай зямлі дагэтуль неразарваныя.
Гэты вобраз не тое, што ўдалы, але ў ім скандэнсавана
шмат метафараў, якія просяцца ў радок разгарнуцца.
Па-першае, можна развесці пра найлепшых
сівых алкаголікаў з баскскіх бараў, якія толькі і чакаюць
чарговага выбуху, зладжанага бэн Ладанам і бэн Міраю.
Пра дым, які ўздымаецца над іхнімі люлькамі,
які абвівае іх барэты, іх нацыянальныя барэты,
палатном на нацыянальную мару.
І як яны глядзяць адзін на аднаго праз куфлі, поўныя півам,
і з іх старэчых вачэй цякуць слёзы.
Вы ж бачылі не аднойчы, што старыя заўсёды плачуць,
гэта таму, што яны ведаюць: міны мусяць разарвацца.
Міны мусяць разарвацца,
але ніколі не разарвуцца.
Па-другое, можна зацерці пра чорных капачоў.
Пра баскетбольную каманду на пенсіі,
якім не хапае грошай на тое, каб карміць з далоняў катоў і сабак.
Таму, узваліўшы на плечы рыдлёўкі, яны,
панурыя, ідуць у лес, каб збіраць снарады, нібы бутэлькі.
І чым далей яны заглыбляюцца ў лес,
тым цяжэй іх убачыць на фоне чорнае вільготнае кары
нашых лясоў. І вось яны прыходзяць на месца і, па старой звычцы,
кідаюць трохачковыя рыдлёўкі туды, дзе ляжаць неразарваныя снарады.
І ніводзін яшчэ не патрапіў,
бо ў іх моцна калоцяцца рукі.
Па-трэцяе, зноў жа можна развесці пра чорных капачоў.
Вось памірае лаўрэат дзяржаўнай прэміі па літаратуры,
ці прафесар факультэта беларускае філалогіі і культуры,
і дванаццаць студэнтаў-няўдахаў нясуць яго дамавіну,
бо іначай заліку ім не ўбачыць. А за дамавінаю ідуць
няўдахі-дацэнты і маладыя пісьменнікі, каб на халяву
нажэрціся.
Яны падыходзяць да ямы і бачаць,
што ў зямлі шаворкаюцца тры нігеры ў майках з нумарамі
чатыры, восем, дванаццаць.
І гэта, сябры мае, яны самыя – чорныя капачы.
Адзін з іх раптам хапае нешта і кідае ў дамавіну.
Пакуль гэтае нешта ляціць, усе няўдахі бачаць, што гэта –
снарад. І яны кідаюць дамавіну і хаваюцца за мармуровымі помнікамі.
Тады чорныя капачы вылазяць з ямы.
Падыходзяць да дамавіны. Бяруць снарад
і разбіваюць яго аб галаву нябожчыка, як какосавы арэх.
Высыпаюць з яго тры кілаграмы какаіну.
І нюхаюць, нюхаюць яго проста з ордэнскіх планак памерлага.
І пакуль чорныя капачы смяюцца і лупяць адзін аднаго па спіне,
і пакуль яны засыпаюць нябожчыку какаін у нос, і абсыпаюць яго ўсяго
чысцюткім какаінам – ажно так, што ён пачынае нагадваць
торт пад какосавым пілавіннем,
няўдахі, што сядзяць за мармуровымі плітамі і крыжамі,
плачуць, бо што гэта за халера?
Што гэта за халера?!
Адкуль гэтыя чорныя капачы?
Адкуль гэты сраны какаін?
Што наогул адбываецца?!
І яны бягуць з цвінтара і раптам бачаць вялікі
БІГБОРД
і на ім – тры нігеры з мінамі ў руках і надпіс
“ЗА ЧОРНЫЯ КАПАЧЫ!”
Няўдахі вар’яцеюць канчаткова.
Па-чацвёртае, нельга не сказаць пра грыбнікоў,
якія пра беларускую мову ведаюць толькі з дзённікаў унукаў.
Як раптам БАБАХ – і нага ляціць, нібы
вялікі, цяжкі пугач, збіваючы з галінаў беларускае золата.
І нельга сказаць, што грыбнікі нешта страчваюць,
бо нага і так ужо амаль не працавала,
затое да іх прыходзіць канчатковы, нясцерпны адчай,
бо трэба ехаць у Нямеччыну па пратэз,
а беларуская мова – нацыянальная спадчына,
з якою праз мяжу не пускаюць.
Па-пятае, абавязкова трэба ўславіць
жаўнераў нашых інжынерных частак,
якія гадамі не вылазяць з лясоў.
Сядзяць там, смярдзючыя, як сто кітайцаў кожны,
і шукаюць снарады і міны па ціхуткіх сігналах,
напружваюцца, слухаюць і вось “Піііііііііііііііііі”
– Здзец і гэтаму, – кажа сяржант і б’е рыдлёўкаю зямлю.
А пасля выцягвае міну або снарад з-пад глебы
і асцярожна, нібы дзіця, нясе яго да купы.
І калі б хто з гэтых жаўнераў
падышоў да купы і пачаў слухаць,
ён бы адразу зразумеў вельмі важную рэч,
завыў, не раўнуючы падбіты “Месер”,
разматаў сваю анучу і напісаў бы на ёй крывёю
“СПРАВАЗДАЧА” і “ЗЛЕВА – РЭШТА”…