Аптыміст
Вера Бурлак
Чый позірк бегае хутчэй за ўсіх?
Чый алімпійскі слых
Пачуе тонкі
Намёк на ледзьве не нішто?
Магчыма,
Той мужчына ў паліто,
Што йдзе і раптам адчувае
Ў сабе сапрана і спявае
На ўсю іванаўскую ноч.
Ці бабця, што ў канцы жыцця
Ў сабе адчула футбаліста,
Падкінуўшы дзіцячы мячык.
Ці чорны глухаваты пеўнік,
Што ўсё маўчыць, ды неяк раптам
Пабачыць іх і скажа: ці
Ня ў кожным з нас схавана зерне,
Якое марыць прарасці?
