* * *
Віталь Рыжкоў
Самае вялікае сэрца ў горадзе
спынілася раптам — вось гора дзе!
Папрыходзілі розныя, заенчылі хорам:
«Ах, гора нам!» Так, гора вам!
Яно ляжала паміж пяціпавярхоўкамі,
паабклеенае абвесткамі, пазастаўленае таксоўкамі,
моладзь па начох тлумачыла сэрцу,
што каханьне перашкаджае сэксу,
жанатыя п’яніцы прывыклі да яго шоргату —
«Чаго бадзяесься? Дадому йшоў бы ты…» —
яны мачыліся на сьцяну мітральнага кляпана
і нешта тлумачылі сэрцу, плакалі.
Сэрца ўлічвала плюсы й мінусы —
а цяпер спынілася; мо — стамілася?
Ці было гэта сэрца shareware? —
бо спынілася, стала шэрае!
Паглядзець сабраліся чэргі доўгія,
як спазьняецца «хуткая кардыялёгія».
У Гарвыканкаме Галоўны вымавіць сіліўся:
«Ну, не паводле пляну ж спынілася…»
Людзі плакалі, церлі скроні,
крыважэрна сьмяяліся ў вочы поўні,
хто хістаўся, хто трымаўся роўна,
хто цягнуў да сэрца свае далоні.