Дарожныя здарэньні
Віталь Рыжкоў
ты сам – гэта твае наступныя крокі і
прынятыя табой рашэньні
але ніколі ня ведаеш, што цябе напаткае
ў наступны момант
мінск-магілёў. шаша ў смузе
дзьве аварыі па дарозе. хутчэй бы даехаць
надакучыла ехаць
на мабілцы высьвечваецца нумар былой жанчыны
і тут – *ля! –
лось!
ну ведаеце лось
грувасткі як вызначэньне каханьня
вясёлая махіна і стомлены пагляд
лось
назоўнік мінулага часу
і сена і соль і ўсё зьлілося
выдатны самадастатковы лось
прадугледжаная непазьбежнаьць вы бачылі такіх
ну дык вось
нязмушана
лёгка
фактычна з усьмешкай
акурат так як намалявана на дарожным знаку
(хоць там і алень)
зрэнкі ўжо павялічыліся пашча прыадчыненая
з размаху
аб бампер аб ілбавое шкло
усім целам
зацішша не было
ён пачаў крычаць яшчэ да ўдару
гучна пераканаўча
плача просіць выклікаць хуткую
каб не пакідаў яго даў шанец
абдымае усхліпвае кажа кахае адзін цяпер ня выжыве
раве нашыя адносіны ня могуць так скончыцца
хай падумаю нейкі час не адпускае
гэта невыносна
мне таксама цяжка
шукаю
сабе апраўданьні гэта ўсё справа звычкі
страшна заставацца аднаму
без размоваў без абдымкаў без сваёй жанчыны
столькі часу змарнавана каб пабудаваць
адносіны
жудасна непрыемна
такая прыкрасьць
"some sign thats it's still around
got to find the love that we lost",
"шкада заранкі мне, што ў небе дагарае" –
папераменна сьпявае лось
ужо ўначы стаўлю машыну ў двары
у крыві і сьлязох увесь хочацца паліць
халодна і адзінока страшна
ніколі ня ведаеш што з табой здарыцца
ў наступны момант што цябе напаткае –
прыгажосьць
каханьне
лось