Лімерыкі
Андрэй Хадановіч
У зьбяднелага шляхціча з Крэва
ні гарэлкі няма для сугрэву,
ні гуркоў, ні масьлін,
ані іншых расьлін, —
акрамя геральдычнага дрэва.
Рызыкоўныя гоншчыкі зь Ліды
выпрабоўвалі супэрбаліды…
сёньня кожны жыхар
хлопцаў ведае ў твар:
гераічныя ў іх інваліды!
Сэнбэрнар у папа з Маларыты
меў вялізарныя габарыты,
бачыў смачныя сны
пра кавалак мясны
й памятаў, дзе калега зарыты.
