Балада непадзельнага
Віталь Рыжкоў
Нечыя
простыя словы чалавечыя.
Цені,
у адно зьлітыя, танцуючыя,
вечныя,
адно аднаму прысьвечаныя,
бясконцыя, неіснуючыя.
Бы абраныя,
ад жыцьця адарваныя,
бы адзіныя і суцэльныя,
закаханыя,
адно аднаму адданыя,
неаслабныя, непадзельныя.
Гэта ня мы –
мы з табой пасярод зімы,
мы з табою ахвяры умоў,
мы – ненапісаных кніг тамы,
паэмы нясказаных слоў...
Нечыя дзіўныя
простыя словы адзіныя.
Што самое сябе спазнае?
Бы няўхільныя,
і самі каханьнем акрыленыя,
непадуладныя – свае.
І, здаецца,
мы чуем, як нешта бьецца,
мы адчуваем: з душы пацякло –
кроў ільецца...
Наша каханьне – два сэрцы,
кінутыя аб шкло.
Непрадугледжаныя,
самі сабе прыналежныя.
Дзесьці блукае і наша цяпло.
Бы залежныя,
мы б жадалі парушыць гэтыя межы,
мы б жадалі, каб з намі было:
Нечыя
простыя словы чалавечыя.
Цені,
у адно зьлітыя, танцуючыя.
Вечныя,
адно аднаму прысвечаныя,
бясконцыя, неіснуючыя.
Бы абраныя,
ад жыцьця адарваныя,
бы адзіныя і суцэльныя.
Закаханыя,
адно аднаму адданыя,
неаслабныя, непадзельныя...