Сталіца
Адам Глобус
Мне падабаецца: мікрараён —
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзіцячы пляц і школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панелі.
Люблю метро, асветлены вагон
I колы, што на грукат захварэлі.
Люблю, калі састаў бярэ разгон
У доўгім, як працоўны дзень, тунэлі.
Мне да душы падмуркі ў катлаване,
Абмазаныя ў чорную смалу.
Мне да душы ісці па рыштаваннях
На самы найвышэйшы дах. Люблю
Убачыць на дарожным скрыжаванні
Рассыпаную з кузава зямлю.
Настрой верша:натхнёны
Ключавыя словы:
