Квадрат
Адам Глобус
Як парад без салдат — не парад,
Так квадрат без вуглоў — не квадрат.
Як футболу патрэбны галы,
Так квадрату патрэбны вуглы.
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялікі, ці самы малы,
А ўсё роўна, як ні павярні, —
У квадрата чатыры вуглы.
Ні адзін, і ні тры, і ні пяць…
Можаш плакаць, а можаш скакаць.
Можаш біцца аб стол галавой, —
Ты не зменіш сістэмы старой.
Так вучылі і будуць вучыць.
Ні змяніць, ні стрымаць, ні спыніць
Гэты добраахвотны палон.
Гэты самы грунтоўны закон.
У квадрата чатыры вуглы.
Хай вялікі ці самы малы,
А ўсё роўна, як ні павярні, —
У квадрата чатыры вуглы.
Час ідзе, час ляціць, час імчыць,
Ні стрымаць, ні спыніць, ні разбіць…
Росквіт вызначыць заняпад.
Застанецца нязменны квадрат.
Настрой верша:сузіральны
Ключавыя словы:
