Адасланыя лісты
Максім Танк
Сярод лістоў, што ты вярнула,
Знайшоў я шмат лістоў такіх:
Напоўненых вясновым гулам,
Блакітам неба дзён былых,
Шмат слоў, якія не астылі
Ні ад дажджоў, ні ад снягоў
І не згубілі даўняй сілы,
І першага агню свайго.
Сама ты знаеш: на руінах
Былога шчасця, сноў сваіх,
Як цяжка жыць і не загінуць, —
І мо таму баішся іх.
І мо таму ты пазаўчора
Усё адаслала ў дальні край...
Лісты, лісты! Яны, як порах,
Ад сэрца іх далей трымай!
1956
Настрой верша:натхнёны
Ключавыя словы: