месячык

Воля Трускаўка

прысвячаю тром мужчынам: Гіо - крывёю, Ване - словамі, Сашы - сэнсамі

зіхаціць, ізыходзіцца бляскам, узварушыў сузор’яў - безліч. крумкачоў тваёй чорнай казкі асвяціў маладзік-месячык. сакавіты плён выспявае - пакаштуй, каб яшчэ крывавей металёвы застыў пацалунак. паглядзі на сябе ў люстрайка.

твар насуперак сківіцай крывіцца, зрэнкі пахамі бруду шырацца. водар поту. па ім чытаю непазбежнае ды немагчымае. як назвала адданасць слабасцю- і знутры мне баліць моц твая. ох, навошта мне так соладка? вызваляюся горкімі стогнамі.

змоўкла вострае дыханне, воўчае. не прыгоніш авечку моўчаннем. не прыўлашчыш дзяўчо ласкаю, пырсні ў душу - і мы скончаны!.

уладарнымі пальцамі пляскаю, разлію на твае цёмныя межы неба расцятымі сцёгнамі, ўсё жыццё абяцанай поўняй.

пазбіраў свае зоры на плечы, я на знічкі гадаю шэптам. твае вочы прагнуць пустэчы, мае вусны смагуюць роспачы.

16.03.2023
Настрой верша:рамантычны