компас

Воля Трускаўка

‘твой дом-мая крэпасць’ - пастка! сэрцам чую: не дом, бо боязна. прывядзі мяне, компас, дахаты, мне патрэбна твая дапамога. спакусі мяне сцежкай знаёмай, накіруй мяне шляхам накатанным.

незлічоным перонам крочу. ногі вязнуць у бетоне тыдняў, хутка ў камень, такая руціна ‘раз-два-тры’ палічы, калі ласка, я чакаю цябе нерухома.

тры разы заміраю - ‘воля’ тры разы адміраю - ‘хваля’.. шчэ імгненне - ізноў мора, ды паспець бы ўскочыць у човен - не паплаваем, дык патонем.

непарушная клятва - аплёвана. узыходзіць чарговае сонца асвяціць маю споведзь голую, пагаліць ад аблокаў вершыні, каб брала іх адну за адною, спазнаючы сваю непахіснасць;

гэта ноч не трывае роспачы, гэты ранак не церпіць ночы. няўхільна паўзе сонца і знутры мне аслепіць вочы, ачырвоніць і твар, і учынкі. я даўно прызвычаілась моўчкі спасцігаць асалоду сораму.

і пад сцягам маёй маладосці прыпадала да горных крыніцаў, напілася свабоды да блёву.. ненадыхаўшыся- не наліжаш, ненадрочаўшы- не адсмокчаш.

сакавічныя золь і адліга робяць, мо, на гадзіну здольнай павярнуцца ў горад смогу, дзе паветра і як тут дыхаць?

за мурамі, абцяглымі дротам да вакенца, дзе бэз водарам прывядзі, пакладзі ў ложак. бо не спіцца мне кволай у холадзе..

я хачу запаліць у хаце комін што аддаць мне за гэта - дрэва? не рубі толькі лес на дровы, хай адзіная будзе ахвяра. навучы раскалоць правільна, я ўжо разбяруся што далей.

кіну ў рукі абодвум рыдлёўкі - пабудуйма новую яму! хопіць, пэўна, і сіл, і тэмпа, новай клятвы і штампа “годныя” і затаеннай злобы-веры што надыдзе шчаслівае ‘потым’. ці нягодныя, не заслугоўваем?

без вакна, без святла навобмацак па мурах да крыві драпаных, распісала каханнем і лаянкай - пад дыктоўку ад прадзедаў ‘спадчыну’ - вось адказы мае на пытанні- за каго вы любілі-загінулі.

не заўважыць сваё чалавечае за бяссонна-бясспыннай працай, у жывёльным жыцці гаспадарчым не прысніць, не прымроіць вечнае. па хвілінах начных паміраем.

дык вядзі мяне компас - шнэле!! вой цягні мяне хуценька - з боем! да вычварнасці гэтай смелай мне самой не прыйсці ніколі.

16.03.2023
Настрой верша:трывожны