Ты – сэрца роднай Беларусі!

Вольга Варэнік

Да 85-годдзя Мінскай вобласці

Ты – сэрца роднай Беларусі, Святая Міншчына мая! І кожны скажа: "Ганаруся Табой, любімая зямля!"

Купала, Колас, Багдановіч – Твае славутыя сыны, Душою, голасам народа І песняй сталі на вякі!

Тваіх дзяцей – вайны герояў, Ніколі не забудзем мы, Іх подзвіг – гэта слава, гонар І годнасць роднае зямлі!

Яны загінулі, каб сёння Народ пад мірным небам жыў, І чорны дым пажараў сонца Ад нас ніколі не закрыў.

Нашчадкам нашым ганарыцца, Як бой трымаў Марат Казей, Як Купрыянаў Пётр загінуў, Агонь прыклаўшы да грудзей.

Наш боль і горыч – ліхалецце Той страшнай, жудаснай пары... "Аб гэтым трэба помніць вечна!.." – Звіняць Хатынскія званы.

Свае ты раны залячыла, Адбудавала гарады, І дваццаць два твае райцэнтры Як волаты-багатыры!

Мясцін прыгожых вельмі многа, І што ні горад – адкрыццё! Вітаць гасцей з любой дарогі Мы рады шчыра ўсё жыццё!

Нясвіж – музей пад сінім небам: Ёсць брама, ратуша, палац. У Заслаўі вас сустрэнуць з хлебам, Тут жыў князь-кніжнік Ізяслаў!

На поўдні – Салігорск са Слуцкам, Два вельмі блізкія браты, Адзін ідзе калійным курсам, Другі тчэ цуда-паясы.

БелАЗы ў Жодзіне будуюць, Цяпер іх ведае ўвесь свет. Лагойск працуе ў накірунку Як лепшы гарналыжны цэнтр.

Культурай славен Маладзечна: Тут фестываляў – не злічыць! Сваёй архітэктурай вечнай Барысаў будзе вас дзівіць!..

А людзі – лепшае багацце, Што тут, на Міншчыне, узраслі, Працуюць для нашчадкаў шчасця І робяць гонар той зямлі!

Дык слаўся, край наш Мінскі, родны! Квітней, любімая зямля! Каб праз стагоддзі горда, годна У шчасці й радасці жыла!

30 снежня 2022 года
Настрой верша:натхнёны