Ахвяра рэпрэсій 2

Цімур Хоміч

"Кожны добраахвотнік мусіць быць пакараны!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Беларусі. Увесь крывёю запэцканы, у кашулі ушчэнт падранай, быў я выпхнуты з дому і неўзабаве за кратамі апынуўся.

Гэтак даведаўся я на ўласным жыццёвым досведзе: супрацоўнікі нашыя працуюць вельмі недасканала; што не прымаў я ўдзелу ў АТО, і слухаць не захацеў ніводзін з іх, нават жалезнае алібі нікога не пераканала.

Дарэмна тлумачыў я, што я не нацыст - не верылі! - і што пляваць я хацеў на Еўрамайдан і ягоныя заваёвы, - мне ў рукі паклалі ручку і нейкую паперыну і подпіс паставіць на ёй прымусілі тэрмінова.

Аўтарытэты ў СІЗО сустракалі мяне як роўнага, думалі, я сапраўды ўваходзіў у склад "Азова". Прыйшлося канцэпцыю белай расы для іх у дробязях, кроплямі поту і адчаю пакрываючыся, разжоўваць.

Пакуль мы вось гэтак гадзінамі абмяркоўвалі з імі палітыку або на грошы рэзаліся па начах у карты, з волі ўсё йшлі і йшлі, салодкім парфюмам палітыя, паштоўкі ад валанцёрак кампаніі "Гавары праўду".

Было прынята рашэнне правесці судовы працэс публічна, каб кожны упэўніўся: правасуддзе ў нашай краіне – не блеф. На суд прыйшлі або на ўласных аўтамабілях прыехалі прадстаўнікі "Справядлівага свету", АГП, БХД, КХП-БНФ, БНФ.

У перапоўненай залі судовага паседжання крыху асобна трымаліся назіральнікі са Злучаных Штатаў Амерыкі. "Свабоду герою!" - лямантавалі дэманстранты, нібы пакалечаныя, і хтосці выў пад дзвярыма "Жыве!" у гістэрыцы.

Сузіраючы заплаканымі вачыма тое, што адбывалася, слухаючы, пра што гаварылася, пакутлівымі вушамі, я думаў: «А не пайшлі б вы, падонкі, на х...й усе?!» (Не выклікалі прысутныя ні сімпатыі, ні пашаны.)

Смяротны прысуд суправаджаўся гулам і выкрыкамі пра Сталіна, 37-ы, рэпрэсіі, парушэнне правоў чалавека. Па тэлевізару гэтага не паказалі. Выразалі. Хамячкоў у Фэйсбуку прывяло ў раздражненне гэта.

Праз некалькі месяцаў мяне расстралялі ў патыліцу, суправаджаючы па калідоры, неверагодна доўгім, яшчэ праз некалькі месяцаў усе пра мяне забыліся, а можа, ніколі нікога нідзе і не існавала ўвогуле…

2014