Ахвяра рэпрэсій
Цімур Хоміч
“Дармаедаў і трутняў нам не трэба!” - сказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. З пакункам на галаве, з ушчэнт паламанымі рэбрамі, быў я выпхнуты з дому і расстраляны ля першай сценкі.
Гэтак на ўласным досведзе давялося даведацца: страшнага ў смерці насамрэч няма ні каліва. Жыць значна страшней, тым больш дармаеду, сярод працавітых, крэатыўных ды прадпрымальных.
Было прынята рашэнне паказаць маё пакаранне па тэлевізіі ў кароткім аглядзе найбуйнейшых здзяйсненняў рэспублікі. Неверагодна нават, але нічога не выразалі, таму сюжэт спадабаўся хамячкам з фэйсбуку.
Прыехалі на пахаванне лідэры апазіцыі з папулярнай прамовай пра 37-ы, рэпрэсіі й Сталіна, і калі ў натоўпе ўзніклі шпікі з міліцыі, некаторыя зусім засмуціліся ды разыходзіцца сталі.
Ахвяра крывавага рэжыму ляжала ў труне, на дол ля труны гваздзікі апускаліся моўчкі. Што далей адбылося, балюча рассказваць мне, і сляза засціць вочы.
…А ў краіне між тым распачаліся працаўладкавальныя клопаты, жыхары напалохаліся перспектывы бяссуднага гвалту. Новая праца знайшлася нават для апазіцыі (опам павялічыў фінансаванне Дзярждэпартамент).
Ліберальныя інтэлектуалы ў народ паверылі, перасталі абражаць быдлам, манкуртамі і саўкамі, прадстаўнікі крэатыўнага класа таксама прасунуліся наперад па шляху чалавечнасці і раскаяння.
Работнікі офісаў кінулі посціць коткаў, павялічылі норму кліентаў за ноч прасталыткі. Чулася ўсюды: “Да працы гатовы?” – “На ўсе сто адсоткаў!”. (Вось што значыць эфектыўная дзяржпалітыка!)
Заняліся карыснай справай нават чыноўнікі, бізнэсоўцы спынілі махінацыі з чорным налам. Надламілася, словам, нешта ў грамадзкай свядомасьці пасля таго, як мяне не стала.
Так што, як бы там ні было, жыццё маё, хоць і скончылася так убога, для беларускіх дармаедаў абодвух палоў паслужыла немалаважным па сваім маральным значэнні ўрокам. Не дарэмна жыў я.