Малая радзіма –– малюнкаў суладдзе
Вольга Варэнік
Мой родны кут, як ты мне мілы...
Малая радзіма –– малюнкаў суладдзе,
Што ў сэрцы з маленства нашу я сваім:
Бярозкі ля весніц, чарэшні ў садзе,
Арэлі, што тата з любоўю зрабіў.
А побач з дарогай ––
наш скверык любімы,
Дзе часта мы дзецьмі любілі гуляць,
Вясною шпакоўні для птушак рабілі,
Вавёрак у парку кармілі не раз.
А летам у ягады разам хадзілі, Я помню духмяны той “зайчыкаў” хлеб, А тата і мама былі маладымі… Усё гэта ў сэрцы пакінула след.
І восень мяне ўспамінамі цешыць, Я помню свой ранец з малюнкам машын, Які пасля школы было цяжка несці, І сябар Валерка яго мне насіў.
А ўзімку, я помню, з бацькамі мы разам
Ляцелі на санках з высокай гары,
Здавалася, гэта не скончыцца раптам...
Прайшло… І не вернеш былое пары.
Як хочацца зноў у маленства вярнуцца,
У час бесклапотны, у сінюю даль…
Ды толькі мы можам назад азірнуцца,
Ды ў думках вярнуцца ў дзяцінства,
на жаль…
